БУХА́РСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16—18 ст. Заснавана узб. ханам Мухамедам Шэйбані на месцы б. дзяржавы Цімурыдаў. Названа Бухарскім ханствам у канцы 16 ст., калі сталіцу з Самарканда перанеслі ў Бухару. Значна ўзмацнілася пры Абдуле-хане II, заваявала Ташкент, Фергану, Харэзм, Герат і інш., наладзіла гандл. і дыпламат. адносіны з Рус. дзяржавай. У час праўлення дынастыі Аштарханідаў (1599—1753) прыйшло ў заняпад, выкліканы сепаратысцкімі імкненнямі феадалаў і войнамі з Іранам, Хівінскім ханствам і інш. У 1740 Б.х. заваяваў іранскі шах Надзір. Пасля яго смерці (1747) у выніку міжусобных войнаў да ўлады прыйшлі прадстаўнікі дынастыі Мангыт. З таго часу Бухарскае ханства наз. Бухарскі эмірат.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)